600-годдзе Грунвальдскай бітвы
Роўна 600 год таму, 14 ліпеня 1410 года адбылася ўсім вядомая Грунвальдская бітва. Усе мы праходілі курс гісторыі ў школе і павінны памятаць. Калі хтось запамятаваў, друкую урыўкі гісторыі таго часу словамі спадара
narnian(крыніца ).
Я ж віншую вас, шаноўныя беларусы, з нацыянальным святам. Падзея вельмі даўняя, але ж народ помніць яе гераічнаць, помніць сваіх сапраўдных герояў, якія змагаліся у тыя часы за нашу краіну, на нашу свабоду. Са святам, Беларусь!
Кавалачак гісторыі
На працягу некалькі стагоддзяў заходнім суседам Вялікага княства Літоўскага быў Тэўтонскі рыцарска-манаскі ордэн. Але “манаскім” ён быў толькі называўся, манахi там павiнны былi не малiцца, а ваяваць — каб распаўсюджваць веру Хрыстову сярод язычнiкаў (паганцаў). У Тэўтонскiм ордэне былi не толькi немцы — туды прыязджалi для практыкi рыцары з усiх краiнаў Еўропы: былi i англiйскiя, i бургундскiя, i французскiя, нават з Пiрынейскага паўвострава. З нашага боку — беларусы, палякi, летувiсы, балты, чэхi на чале з Янам Жыжкам, невялiкая група татараў.
Як вядома, у ХIII стагоддзi, калi скончылiся ў асноўным крыжовыя паходы ў Святую зямлю, тэўтонцы знайшлi для сябе поле дзейнасцi — гэта Прыбалтыка, дзе былi цi не апошнiя няхрышчаныя людзi. А заадно вырашылi ахрысцiць i тых, хто быў побач, — праваслаўных беларусаў i каталiкоў-палякаў.Зразумела ж, што хрысціць палякаў з каталiцызму ў каталiцызм – шлупства і абсурд, гаворка iшла, безумоўна, пра захоп земляў. А ў нас — пра захоп i хрышчэнне ў сваю веру. Iм трэба было пашыраць сваю тэрыторыю, але рабiлася гэта пад рэлiгiйнай шыльдай. І менавіта Грунвальд стаў месцам, дзе адзін раз і назаўсёды трэба было высвятліць – хто і што будзе рабіць на гэтых землях. Настала 15 лiпеня 1410 года, і больш за 40 тысяч чалавек, расцягнуўшыся на два з паловай кіламетры, скланілі свае калені ў малітве, без гэтага нiводная бiтва не магла адбыцца. Войскi пастроiлiся — i адны, i другiя. Ягайла ўвесь час малiўся — паўсюль пра гэта пiшацца. Ён вельмi сумняваўся ў тым, што цi пераможа. Думаў, што калi больш памолiцца — дык пераможа.
Скончылася тым, што Вялiкi Магiстр ордэна прыслаў Ягайлу два мячы, каб ён урэшце пачаў бiтву, бо колькi чакаць?! А Вiтаўт iрваўся ў бой. Тым больш што нашы ваяры ўжо не маглi чакаць, бо ўявiце — на лiпеньскай спякоце сядзець ва ўсiм гэтым жалезе!.. Толькi пасля, калi ўжо кiпеў бой, Ягайла стаў актыўна кiраваць ягонай хадой, нават паслаў у гушчар сваю прыдворную харугву… Усiм вядомы такi эпiзод. На правым флангу былi воiны Вялiкага Княства Лiтоўскага i Рускага, як яно тады называлася. У пэўны момант лёгкая коннiца “не вытрымала” нацiску нямецкiх рыцараў — i пачала адступаць. Рыцарам падалося, што яны перамагаюць. Пачаўся крык: “Лiтва ўцякае!” Яны натхнiлiся — i за iмi паiмчалiся iншыя, каб бiць “уцекачоў”. Гэта звычайная тактыка беларусаў!.. Тое самае рабiў пасля i Канстанцiн Астрожскi! Уцякалi-ўцякалi, строй ворагаў перамяшаўся, нiякага парадку ўжо не было, i тады наша коннiца развярнулася — i давай секчы тых тэўтонцаў…
Бітва цягнулася доўгіх шэсць гадзiн. За гэты час былі забіты больш за восем тысяч тэўтонскіх псоў-крыжакоў, знішчана ўсё кіраўніцтва Ордэна, захоплены багаты абоз. Але і гэта не галоўныя вынікі бітвы.
Па-першае, гэта перамога над вельмi сур’ёзнай армiяй, якая ўвесь час наносiла ўдары. Дзякуючы перамозе пад Грунвальдам спынiлiся набегi крыжакоў: на беларускую тэрыторыю яны ўжо не прыходзiлi. Спынiлася пагроза знiшчэння дзяржавы, падпарадкавання нашых народаў ордэну i анямечвання. У эканамiчным сэнсе быў вызвалены шлях да Балтыйскага мора праз Нёман i праз Заходнюю Дзвiну. Пасля гэтага мы пачалi вольна гандляваць з краiнамi Балтыйскага мора. Гэта справакавала аграрную рэформу, пасля якой вялiкая колькасць збожжа i лесу iшла на продаж у краiны Скандынавii i Паўночнай Германii. Быў перыяд, калi Беларусь была настолькi заможная, што кармiла сваiм хлебам усю Паўночную Еўропу.
Да ўсяго ж, Грунвальдская бiтва — паказчык, што беларускi народ ужо ў тыя часы змагаўся за сваю незалежнасць, за сваю дзяржаву. Гэта — сведчанне вялiкага вайсковага майстэрства беларусаў. Напамiн, што мы — нацыя рыцараў i асiлкаў. Гэта зараз iснуе прыкры стэрэатып пра рахманых i памяркоўных беларусаў. Ведаеце, магiстру фон Юнгiнгену беларусы не падалiся рахманымi!..
15.07.2010

Просмотр
#